ГУРНЕВІЧ
1.1K subscribers
133 photos
13 videos
253 links
Журналіст Радыё Свабода, Беларусь
Download Telegram
А я бачыў Зянона Пазьняка жыўцом. І ня раз. Першы раз недзе ў 2003 годзе, а апошні раз - пару год таму. І скажу вось што. Мая галоўная прэтэнзія да Зянона Станіслававіча, што ён рэдка паказвае сваё другое сапраўднае аблічча.

Калі я пабачыў яго першы раз, то быў зялёным студэнцікам. У мяне ногі падкасіліся ад страху ад таго багажу чутак і плётак пра яго, страшнага інквізытара. Во, зараз выме меч і будзе сячы. Але калі я пабачыў яго ў нефармальнай абстаноўцы, то падумаў, от, чалавеча, чаму ты не дазваляеш сабе быць такім публічна. Бо цяпер публічна - гэта заўсёды жорсткі аратар, сур’ёзны, рэзкі, без усьмешкі. А па-за трыбунай гэта такі свойскі чалавек, які давядзе сваімі жартамі да рогату самую нудную публіку. Мяккі рамантык, які можа гадзіну трымаць за руку сваю жонку і глядзець ёй у вочы, нібыта яны толькі-толькі закахаліся. А потым ён скача зь ёй полечку, што падлога скрыпіць, ці зацягвае беларускую песьню, што гай шуміць.

Гэта эрудыт, які фантастычна распавядае на розныя тэмы. Пра гісторыю Беларусі дык можа казаць бясконца. Некалі я патэлефанаваў яму, каб дамовіцца на інтэрвію і праз гадзіну зразумеў, што не спытаў пра гэта, бо Зянон Станіслававіч распавядаў пра музэй у Вене, пра рымлянаў і тэатар. І для мяне сапраўдны Пазьняк – менавіта такі. Чалавек без фальшу і пустаты, з помнікамі пры жыцьці – гэта і рэшткі ацалела старога Менска, за які ён змагаўся ў 60-ыя. Сёньня там тусуюцца модныя хіпстэры і не падазраюць, хто за гэтым стаіць. Гэта раскопкі па ўсёй Беларусі. Некаторыя зь іх закансэрваваныя і там усё магчыма аднавіць. Гэта шыкоўныя фотаздымкі, дысыдэнцкі “акадэмічны асяродак”, які не даваў спакою КГБ, Паддашак, БНФ, Курапаты, Незалежнасьць 25 жніўня 1991 года і вынік працы ўсіх тых людзей, якія паверылі яму і сталі ў адзін шэраг.

Магчыма прыйдуць некалі больш таленавітыя і пакажуць, як можна зрабіць лепш. Але сам факт, што яны будуць гэта рабіць у Беларусі, гэта ўжо заслуга ў тым ліку і Пазьняка. Дык з 80-годзьдзем, Зянон Станіслававіч.
Асабліва пацешыла, як Лукашэнка на УНС спрабаваў ушчуваць Літву за слабы рост ВУП. Тым часам, ВУП Літвы за 2022 год – $71 млрд. Беларусі – $72,8 млрд. Пры гэтым, літоўцаў у тры з паловаю разы менш, чым беларусаў і сёлета, па прагнозах, яны перагоняць Беларусь па ВУП.
1/2

Мікола Бугай у “Нашай Ніве” піша пра “Тры памылкі Пазняка, у выніку якіх гісторыя Беларусі пайшла так, як пайшла”. Тэкст па стылістыцы бліскучы, але нагадаў мне анекдот.

Сабраўся мышыны народ вырашаць, як жыць? Бо спакою не дае кот. І прынялі яны рашэнне: павесіць кату на шыю званочак. Але адно кемлівае мышаня пытаецца: "Дык а як і хто будзе вешаць званочак?" Адказ прэзідыума: "Шаноўныя, мы прыдумалі стратэгію, а тактыку прыдумляйце самі."

Аўтар лічыць, што перамагае той, у каго больш рэсурсаў. А Пазняк, маўляў, пераацэньваў уплыў творчай інтэлігенцыі і недаацэньвалі ролю сілавікоў, чыноўніцтва і бізнэсу. І ў гэтым папрок. Ну рыхтык як у тым анекдоце: мы далі ідэю, а сілавікоў і бізнэс шукайце самі, як хочаце.

Але сур’ёзны адказ, на маю думку, на паверхні. Чалавек, якія перамог тады выбары, не шукаў падтрымкі ў сілавікоў і чыноўнікаў. Лукашэнка ўсю сваю кампанію збудаваў на антысістэмнасці, на крытыцы ўлады. Бо ў пачатку 1990-х беларусы люта ненавідзілі уладу.

Бугай працягвае: “Вялікая частка таго пакалення чыноўнікаў хацела аднаго — ператварыцца з камуністаў у капіталістаў. Яны хацелі ўзбагаціцца і, як і іх сучаснікі ў Польшчы ці Украіне, гатовыя былі на многае згадзіцца дзеля гэтага. Пазняк не ўмеў гэта скарыстаць».

Дык узгадайце, Лукашэнка ж ішоў як таран, абяцаючы ўсіх іх перасадзіць, бо яны смокчуць народную кроў. Гэта пасля выбараў ён зрабіў на іх стаўку, бо ў яго проста не было ў камандзе НІКОГА, каб пакрыць патрэбы кадраў. Сініцын, Булахаў, Ганчар - усю гэта былі "маладыя ваўкі", а не пабранзавелая наменклатура ўзросту Кебіча. Дзе ў Лукашэнкі былі сілавікі?

Дык чаму тады Лукашэнку ўдалося перамагчы без чыноўнікаў і сілавікоў, а Пазьняку - не? Акрамя нянавісці да Кебіча, якую акумуляваў Лукашэнка, ён зрабіў стаўку на настальгію па саўку. І яна аказалася бяспройгрышнай.

“Народны Фронт радыкальна крытыкаваў, проста пляжыў вышэйшых чыноўнікаў — хоць яны патэнцыйна былі самымі зацікаўленымі ў незалежнасці”. – піша Бугай.

Чаму ж тады Лукашэнку ўдалося перамагчы на выбарах без саюзу з Кебічам ці прынамсі з чыноўнікамі? Дарэчы, ён жа таксама галасаваў за роспуск кампартыі, адмяжоўваўся ад іх. А вы не памятаеце яго лозунг на выбарах: “Ни с левыми, ни справыми, а с народом”? Змагацца за галасы намеклатуры Лукашэнка не мусіў, бо перамогу яму гарантавала абсалютная большасць беларусаў - народ. Выбары 1994 года былі свабодныя, голас на іх старшыні выканкама каштаваў столькі ж, колькі і калгасніка. А вось на крытыцы ўлады можна было зарабляць, што ён і рабіў.

“У 1992 годзе правільнай стратэгіяй было не ініцыяваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета, а шукаць кулуарных дамоўленасцей з Кебічам і сілавікамі, пазіцыянаваць сябе як патэнцыйных саюзнікаў і лабістаў, а не непрымірымых праціўнікаў, якія «або мы вас, або вы нас». – піша Бугай.

Дык акурат у 1992 годзе быў пік непапулярнасці ўраду. Рэферэндум адкрываў куды большыя магчымасці прыйсці да ўлады, чым саюз з імі, калі яны целяпаліся на валаску. Але Шушкевіч, на жаль, на гэта не пайшоў. І менавіта пасля гэтага сіла БНФ пачала слабнуць. Пачаўся рэванш.

І вішанька на торце. Вы думаеце, што Пазьняк не жадаў дамаўляцца з Кебічам? Проста адкрыйце кнігу правай рукі Пазьняка ў той час, Сяргея Навумчыка “Дзевяноста чацьверты” (спасылка ў каментары), ад старонкі 312. Аўтару асабіста размаўляў з Кебічам. Апошні пытаўся,ці можа БНФ дапамагчы.

“Я прапанаваў Кебічу зьняць сваю кандыдатуру. Вялікая частка выбаршчыкаў ішла галасаваць ня столькі за Лукашэнку, колькі супраць Кебіча (уяўляю, як непрыемна было Вячаславу Францавічу гэта чуць – праўда, чуў ён гэта ня першы раз). І калі прозьвішча прэм’ера ня будзе ў бюлетэнях, дык ня будзе каго выкрэсьліваць, і людзі проста ня прыйдуць на выбары». – піша Навумчык.

Народны Фронт абяцаў зняць 7 тысяч назіральнікаў з выбарчых участкаў. Разьлік быў на тое, каб улады скарысталі «адміністрацыйны рэсурс». Ну, вы разумуееце...
2/2

«У адказ я пачуў, што – «Мы падумаем». Празь некалькі хвілінаў мне ператэлефанавалі і сказалі, што мая прапанова цікавая, але «вось тут Іван Іванавіч Антановіч кажа, што ў Вячаслава Францавіча ёсьць шанцы і варта пазмагацца». – піша Навумчык.

У выпадку, калі б другі тур не адбыўся, Закон прадугледжваў правядзенне паўторных выбараў з паўторным вылучэннем кандыдатаў. Канешне, на выбарах мог ізноў вылучыцца Лукашэнка, але за гэты час ягоны імідж «народнага заступніка» мог быць разбураны.

Вы думаеце, што ўсё гэта лухта? Тады чаму тагачасны чалец каманды Лукашэнкі Фядута пасля пісаў, што ў перадвыбарчым штабе Лукашэнкі вельмі баяліся зрыву другога туру?

Фядута: “Было бачна, як нэрвова курыў звычайна спакойны Сініцын, калі размова заходзіла пра другі тур: а раптам Кебіч здыме сваю кандыдатуру? Што тады? Будзе галасаваньне па кандыдатуры Лукашэнкі альбо разам зь ягоным прозьвішчам у бюлетэні зьявіцца прозьвішча «бронзавага прызёра» прэзыдэнцкай гонкі – Зянона Пазьняка?”

"Каб не дапусціць прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады, Народнаму Фронту трэба было ісці на нераўнапраўны, а можа быць і прыніжальны саюз з посткамуністычнымі элітамі", - піша Бугай.

Дык былі такія спробы. І не толькі з Кебічам. Сам Пазьняк яшчэ перад другім турам сустракаўся з Мечыславам Грыбам, спікерам Вярхоўнага савету, чалавекам нейтральных поглядаў. Пазьняк прасіў Грыба або мяняць хутка законы, або паўплываць на Кебіча і зняцца, каб сарваць выбары, але нічога не выйшла. Хаця Грыб, як згадвае Навумчык, быў зацікаўлены і спрабаваў.

Ці рабіў Пазьняк спробы дамовіцца з наменклатурай? Вы тут самі бачыце. Што яшчэ мог зрабіць Пазьняк, каб перамагчы? Напрыклад, адмовіцца ад нацыянальнай рыторыкі. Перайсці на расейскую мову. Агітаваць за саюз з Расеяй. Плакаць па СССРы. Абяцаць залатыя горы, якія ніколі не былі б выкананыя. Дык менавіта такога прэзідэнта беларусы тады і абралі.
На Беларусь ідзе катастрофа – у краіне хутка ня будзе хапаць рабочых рук

Краіна штодзённа губляе ня толькі рукі для працы, грошы, якія маглі б працаваць на беларусаў, але і мазгі. Бо ўсе гэтыя крэатыўныя людзі з ідэямі, сучаснымі ведамі, маглі б працаваць сёньня на будучыню Беларусі, а не тых краін, куды яны былі вымушаныя ўцякаць ад рэпрэсій і страху. А адмаўляцца ад гэтага ўлады ня маюць намеру.

https://www.youtube.com/watch?v=YdUJNgOhe7U
Трапіўся на вочы вельмі цікавы гістарычны артыкул Ігара Марзалюка. Бех жартаў, я ніколі крытыкаваў Ігара Аляксандравіча як навукоўца, калі ён выказваўся за сваю дзялянку даследаванняў. Нават лічу, што пра "свой перыяд" ён павінен пісаць раздзелы ў школьныя падручнікі. Гэты артыкул бамбічны, бо ён ня толькі цікавы, але і інтэлектуальна адважны. Апублікаваны ён быў у Вільні, у 2012 годзе.

Тэкст прысвечаны «эспедыцыям» магілёўцаў на «маскоўскае замежжа» за «жывым таварам». Калі проста, то пра набегі магіляўчан за рабамі. Жыхароў Маскоўскай дзяржавы яны пасля прадавалі на гарадскім рынку ў Магілёве.

Першы Статут ВКЛ забараняў рабства, але забарона датычыла жыхароў княства. Браць у палон замежнікаў было дазволена. А Масковію і яе жыхароў магілёўцы не лічылі сваімі (пра гэта напрыканцы).
У такія “экспедыцыі” хадзілі добра ўзброеныя магілёўскія рамеснікі. Згодна з нормамі Магдэбурскага права, гараджанін абавязаны быў мець у хаце зброю, на выпадак вайны. А магілёўцы, як сапраўдныя беларусы, закон не парушалі.

Такія захопы “жывога тавару” вядомыя ў Магілёве з 1579 года.

Падрыхтоўка да “экспедыцыі” была цэлым рытуалам. Паводле Марзалюка, пачыналася ўсё на нядзельнай службе ў царкве.

“Пасля прычасця ўсе ўдзельнікі будучага паходу ўрачыста клянуцца адзін аднаму дзяліць здабычу ў паходзе справядліва, пароўну». – піша прафесар і дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Адзінай мэтай, з якой магілёўцы хадзілі на «маскоўскі» бок, быў рабунак і захоп у палон. Атрады перасоўваліся па чужой тэрыторыі ноччу, пазбягалі сустрэчы з маскоўскімі войскамі, нападалі на вёскі досвіткам, рабавалі ўсё, што толькі можна было знайсці ў сялянскіх хатах. У крыніцах няма ніводнай згадкі аб палоне і продажы ў нявольніцтва дарослых мужчын. Падчас нападу яны абаранялі свае сем'і, і іх, як правіла, забівалі на месцы. У палон выводзілі жанчын і дзяцей. За гэтых жанчын магілёўцы пасля ня раз судзіліся ў магістраце.

Маладая, здаровая жанчына-«маскоўка» у Магілёве падчас Інфлянцкай вайны каштавала ад 4 да 10 талераў. Падлетак – 2 талеры.

«Гэта былі дастаткова вялікія грошы. Для параўнання: паводле III Статута ВКЛ 1588 года 4 літоўскія талеры каштаваў добры конь, альбо вол». – піша гісторык.

Ігар Аляксандравіч працягвае:

«Крыніцы дазваляюць прасачыць, якімі відамі дзейнасці займаліся маленькія нявольнікі. Палонныя «маскалікі» выкарыстоўваліся ў якасці хатняй прыслугі, лёкаяў, няняк па надглядзе за маленькімі дзецьмі. Крыніцы сведчаць, што ў дамах багатых магілёўскіх мяшчан, прадстаўнікоў магістрата, цэхавай старшыны, купецтва, для «паслуг хатніх» выкарыстоўваліся «чаляднікі маскалікі».

Калі камусьці муляе вока і рэжы слых слова «маскалік», то дэпутат Палаты Прадстаўнікоў тлумачыць:

«Нягледзячы на той факт, што намі апрацаваны ўвесь масіў магілёўскіх магістрацкіх кніг за другую палову XVI–XVII стагоддзяў, ніводнага выпадку вызначэння ў гэтых крыніцах насельніцтва Маскоўскай дзяржавы з «Руссю», з боку магілёўскіх мяшчан, намі не выяўлена. Наадварот, гэтыя два паняцці ў актавых кнігах паслядоўна разводзяцца і супрацьпастаўляюцца. Устойліва вызначаючы сябе «русінамі», «рускімі», «Руссю», як і сваю мову, кнігі і творы мастацтва, у адносінах да суседзяў з усходу магілёўскія мяшчане паслядоўна выкарыстоўвалі тэрміны «масква», «масквічы», «маскалі», "маскавіціны", а іх мову, кнігі і рэчы называюць "маскоўскімі".

Прааналізаваўшы крыніцы, Марзалюк падсумоўвае:

«Такім чынам, актавыя кнігі магілёўскага магістрата не дазваляюць казаць аб захаванні на ўзроўні масавых стэрэатыпаў магілёўскага мяшчанства ўяўленняў аб этнічнай аднолькавасці з вялікарускім насельніцтвам».
«Белпол» кажа, што з 40 тысяч зваротаў беларусаў у КДБ толькі 5% - гэта даносы. То бок 2 тысячы. Калі разбіць іх на 9 год, то атрымліваецца па 222 даносы ў год. Калі паставіць усе 9,5 млн беларусаў у шэраг, то толькі кожны 43-тысячны з іх напісаў данос. А, яшчэ ж трэба адняць замежнікаў і вар'ятаў. Па-сутнасці, усе беларускія даносчыкі змесцяцца ў невялікую вёску або адзін доўгі шматпавярховік.

Святы народ.
Які толькі зброд не імкнецца цяпер у Беларусь. Польскі суддзя Шмітд (Szmydt) просіць рэжым абараніць яго. А гісторыя такая.

Некалькі гадоў таму гэты суддзя разам са сваімі калегамі-суддзямі (больш пяці), лаяльнымі да тачаснага правага ўраду, арганізавалі ананімную кампанію нянавісці супраць сваіх калегаў, якія выказваліся крытычна да ўлады.

У іх был свая група на Ватсапе, куды яны скідалі кампрамат на гэтых суддзяў-апазіцыянераў. Пасля яго выкарыстоўвала былая жонка Шмідта. Яна асабіста разносіла розныя дэталі з сакрэтных дакументаў па інтэрнэце, падпісваючыся псеўданінам "Mała Emi".

Чаму былая жонка? Бо падчас гэтай гісторыі яна загуляла з іншым суддзём і развялася ў выніку з мужам. Там быў гучны скандал і ўсе трое скончыліся з нервовым зрывам. “Каханак” нават лячыўся ў шпіталі. Па гэтай справе былі слуханні ў Сейме, Шмідт усё прызнаў і шкадаваў за тое, што рабіў гадасці іншым калегам. А пару тыдняў таму гэтую справу ўзяла рэгіянальная пракуратура.
Сітуацыя з польскім суддзём Шмыдтам можа быць больш складанай, чым з Эмілем Чэчкам. Калі апошні быў выпадковай здабычай спецслужбаў Лукашэнкі, якога ў Беларусь прывёў пыл у галаве, нарктотыкі і страх сесці ў турму, то ў выпадковасць уцёкаў Шмыдта цяжка паверыць. І вось чаму.

Усё больш уплывовых людзей у Польшчы лічыць, што ён ад пачатку быў агентам спецслужбаў Лукашэнкі/Пуціна. Я б схіляўся да апошняга. Але ўсплываць яму ў Маскве – гэта паліць сябе. У Менску ён выглядае больш самастойна і нейтральна. Магчыма, яго і не збіраліся эвакуяваць, але некалькі тыдняў таму пракуратура пачала разглядаць справу, паводле якой Шмыдту маглі выставіць крымінальныя абвінавачванні. Справа таксама датычыла доступу да сакрэтнай інфармацыі, але ў кантэксце ўнутранай польскай палітыкі.

Чаму ўсё гэта можа быць правалам Польшчы? Справа ў тым, што ажно да сённяшняга дня суддзя Шмыдт займаўся ў судзе справамі пра статус бяспекі. Ён прызнаваў статус лаяльнасці, які даваў людзям доступ да сакрэтнай інфармацыі або закрытых зон. Такі працэс прадугледжвае ўважлівае вывучэнне ўсяго жыцця чалавека. То бок ведае ён вельмі шмат. Шмыдт меў доступ да інфармацыі, важнай для дзяржаўнай бяспекі, ведаў гісторыю спрэчак паміж спецслужбамі і афіцэрамі. Ён валодае ідэальнай інфармацыяй пра патэнцыйных агентаў, якіх можна завербаваць.

Пры нагодзе гэтага скандалу грамадзкая думка даведалася, што паводле польскіх законаў, суддзі не падпадаюць і ніколі не падпадалі пад працэдуру праверак спецслужбаў. А гэта проста люты піпец.
Як на Захадзе "перапісваюць гісторыю" вайны

"На Западе всё забыли, всё переписали. Все памятники снесли и учат молодёжь, что войны никогда не было. А немцы считают, что наибольший вклад в разгром нацисткой Германии внесли немцы".
У гэтую фразу (а падобныя і ўдзень, і ўначы паўтараюць на БТ), вераць многія.

На мапе савецкіх мемарыялаў у Германіі 4185 месцаў памяці. Падчас аб'яднання Германіі, немцы ўзялі на сябе абавязак даглядаць помнікі савецкай арміі. І таму сёння яны часта выглядаюць лепш, чым ўласна нямецкія помнікі. Прыклад: Трэптаў-парк у Берліне. Ня так даўно там аднавілі цытаты Сталіна, яны ажно зіхацяць. Усё – за грошы нямецкіх падаткаплатнікаў. У Польшчы – больш за 700 могілак савецкіх салдат. Усе яны даглядаюцца за грошы палякаў.

Што тут шмат казаць. У расследаванні справы аб генацыдзе беларускага народу Генпракуратура карыстаецца заходнімі даследаваннямі, бо менавіта там дакладна падлічылі страты беларусаў і назвалі іх аднымі з найбуйнейшых у вайне.

https://www.youtube.com/watch?v=OabplXjci1k
Мала таго, што беларусы практычна не даносяць адзін на другога (вядома пра недзе 0,2%), дык гэта яшчэ і суперадважныя людзі.

Звярніце ўвагу, на дварэ 2023 год, а беларус робіць такое. 💪
Жонка Лукашэнкі супраць расейскай мовы

У 1995 годзе Галіна Лукашэнка расказала газеце "Свабода", што на рэферэндуме галасавала супраць надання расейскай мове роўнага статусу з беларускай. Матывы жыць без мужа яшчэ больш зразумелыя.
20 траўня 1954 году — дзень, калі беларуская служба Радыё Свабода пачала сваю працу

Хто ў 1950- гады рваў жываты, каб беларусы не маглі мець сваю служба РС? Якое дачыненне да гэтага мела Рада БНР і ЦРУ? Хто ў савецкія часы хацеў падарваць вежу, якая глушыла наш сігнал? Ці сёння журналісты РС атрымліваюць інструкцыі з Вашынгтону? Чаму мы не працуем паралельна і па-расейску, мове большасці беларусаў? Калі ж нарэшце нас зачыняць? Адказныя на гэтыя і іншыя пытанні ў відэа па спасылцы.

https://www.youtube.com/watch?v=1xJ3mNowt4Q
У здрабненні беларускай апазіцыі да 5000 галасоў за КР няма нічога дзіўнага.

У палякаў у 80-я было яшчэ горш. З 10-мільённай "Салідарнасці" вельмі хутка засталося пару тысяч актывістаў. Улады ўсё растапталі.

Перамены адбыліся толькі праз 8 год вось так ➡️ https://smarturl.click/z2Em8
Ідэя з КР стала для апазіцыі вялікай паразай. “Прадаць” гісторыю, што прадстаўнічы орган дэмсілаў абралі жыхары ўмоўных Карэлічаў – немагчыма. Рабіць выгляд, што і гэта дасягненне – смешна. Апрача страху і апатыі, прычына і ў тым, што людзі проста ня бачаць сэнсу ў гэтых бясконцых структурах, якія і так ні на што не ўплываюць. Я не сумняюся, што многія ўдзельнікі гэтых выбараў моцна стараліся, мелі візію і добрыя намеры. Гэта адважныя і самаахвярныя людзі. Але выглядае, што беларусы паказалі чырвоную картку гульні ў бюракратыю.

Як журналіст я бачыў, што для аўдыторыі тэма КР была адной з самых нецікавых. Па-сутнасці, гэта быў байкот, бо прагаласаваў усяго 1% грамадзян Беларусі, якія за мяжой. Ад бюракратыі ва ўсім свеце мараць пазбаўляцца, а ў нас хацелі пераканаць, што ў ёй сіла. Бясконцае будаўніцтва паралельных структур, суполак, саюзаў, рухаў, арганізацый, камітэтаў, правядзенне канферэнцый, абяцанні распрацоўваць рэформы на будучыню – усё гэта, выглядае, шлях у тупік. З гэтага трэба рабіць высновы.

Але і так званаму простаму народу трэба не забываць, што яны атрымаюць ад апазіцыі роўна столькі, колькі ў яе ўкладуць. 30 год няшчасцяў Беларусі звязаныя з тым, што людзі не хацелі цікавіцца палітыкай. Зразумела, за дзень гэта ня зменіцца. Калі людзі не цікавіцца палітыкай, то імі заўсёды будуць кіраваць дыктатары.
Мой былы дырэктар Аляксандар Лукашук напісаў кнігу, у якой расказаў, як рабілася Радыё Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і ім самім. Яму б ня ведаць, ён кіраваў службай 25 год. У кнізе Лукашук апісвае нявыкратку, якая здарылася з ім у 2012 годзе.

Адзін з чытачоў праз мэйл паведаміў пра акт сабатажу ў метро. Нехта пасек кабелі высокага напружання. Чалавек падпісаўся як інжынер. Як і належыць на Свабодзе, журналісты праверылі гэта ў іншай крыніцы і далі такое паведамленне ў эфір. Праз пару гадзін у бюро ў Менску патэлефанавалі з КДБ і запрасілі туды загадчыка бюро. Ён адмовіўся.

- Тады мы прыйдзем да вас, і вам гэта моцна не спадабаецца.

"Загадчык сказаў - празь дзьве гадзіны, у канцы дня. У яго было правіла - не саступаць, ні на што не пагаджацца адразу, не гаварыць лішняга", - піша Лукашук.

Праз пару гадзін яму з КДБ патэлефанаваў загадчык бюро і сказаў, што "таварыш палкоўнік хоча ведаць імя чалавека, які даслаў допіс пра выпадак у метро". Палкоўнік патлумачыў, што калі ён не атрымае імя, дык з іншымі таварышамі прыйдзе ў бюро, яны канфіскуюць усе кампутары і знойдуць яго самі. КДБ выставіў ультыматум: альбо а 9 раніцы Свабода называе імя, альбо пачнецца ператрус у бюро.

"Выбар быў просты, - піша Лукашук, - альбо мы выдаем імя крыніцы, альбо страчваем бюро. Уся наша зладжаная праца, усе ўмовы для журналістаў будуць зьнішчаныя".

І вось што робіць мой былы дырэктар. Ён піша на мэйл таму інфарматару, што трэба пільна пагаварыць. Лукашук хоча прапанаваць яму самому назвацца.

“Ён пацьвердзіць, што шчыра клапаціўся пра грамадзкі інтарэс. Бюро ня будзе разгромлена. І мне не давядзецца выдаваць КДБ імя крыніцы”, - піша Лукашук.

Але была малая праблема. На дварэ амаль поўнач. На мэйл інжынер ужо не адказваў. Нічога не далі і абзвоны розных актывістаў. Ніхто такога інжынера не ведаў. А 5.00 раніцы Лукашук пачаў абзвоньваць службу тэлефоннай даведкі. Але адрасу ён не ведаў, толькі імя і прозвішча. А такіх была цэлая старонка. Пачаў званіць па чарзе са спісу. Не той, не той, не той. Але чарговы раз жанчына адказала, што такі тут жыў, але ўжо не жыве. Лукашук выпрасіў мабільны інжынера. А 7.00 ранцы яны ўжо сустрэліся. Мой былы дырэктар спытаўся, ці не пагодзіцца той даць інтэрвію для радыё і назваць сябе. І патлумачыў, што яго, верагодна, будзе шукаць КДБ.

“Адкрыта назвацца – найлепшая абарона. Ён зрабіў тое, што зрабіў, бо лічыць, што грамадзтва мусіць ведаць пра такія здарэньні. Ён не тэрарыст, ня мае асабістай выгады, не было намеру пасеяць паніку. Нармальныя грамадзянскія паводзіны. Ён пагадзіўся, і мы запісалі інтэрвію, - піша Лукашук. – Я падзякаваў і на разьвітаньне даў параду: калі да яго прыйдуць, казаць усё, як было. Нічога не прыдумляйце. Сьледчыя больш спрактыкаваныя і зловяць на супярэчнасьцях і замоўчваньнях, кажыце праўду”. (Так і сталася, пазней інжынера дапыталі, пераканаліся ў тым, што не хлусіць, паўшчувалі за непатрыятычныя паводзіны і адчапіліся).

А палове дзевятай інтэрвію было на сайце. А 10 зазваніў тэлефон у загадчыка бюро. Таварыш палкоўнік чакаў імя. Загадчык бюро параіў зазірнуць на сайт. Павісла доўгая паўза. Потым пачуўся нейкі гук і ляскат з размаху кінутай слухаўкай.

“Гэта была найлепшая паўза ў маім прафэсійным жыцьці” – падсумоўвае Лукашук.
Супрацьтанкавыя равы, знішчальнікі F35, міны, бункеры, склады са зброяй, беспілотнікі

Палякі пачынаюць грандыёзную фартыфікацыю на мяжы з Беларуссю. Праект каштуе $2,5 млрд і не мае дачынення да сцяны, якая ўжо функцыянуе. Беларусь як і 80 год таму застаецца на іншым баку "Жалезнай заслоны". А беларусы плоцяць высокую цану за дзеянні людзі, якія ўзурпавалі ўладу.

https://www.youtube.com/watch?v=D3Aclt8caJw&t=328s
Гэта бясспройгрышная латарэя. Пішы любому, палохай за тое, што ён супраць улады, і заўсёды знойдзеш улоў.
Хто шпіёніў за Радзінай і Саннікавым і што такое Pegasus?

Прынамсі двойчы, калі ў Саннікава і Радзінай уключаўся Pegasus, гэта было за дзень да сустрэчы з польскімі палітыкамі. Саннікаў быў на форуме ў Карпачы, такі сабе "польскі Давос". А Радзіна - у Анджэя Дуды. Хто, што і навошта?

Тут спытаў пра гэта ў эксперта па лічбавай бяспецы https://www.youtube.com/watch?v=5zeirrawUsc
Guide on How to Download Instagram Videos Effortlessly