Андрэй Хадановіч
368 subscribers
473 photos
44 videos
1 file
350 links
Download Telegram
Наведаў Венскую опэру, а там, хто б мог падумаць, "Фэрма жывёлаў". Давялося зноў перачытаць Оруэла, а яго чым больш перачытваеш, тым больш пра нас усяго знаходзіш. Ажно рукі самі пацягнуліся да вілаў – як той казаў, музыкай навеяла… Вынікі ў новым відэа. Беларускі пераклад Сяргея Шупы ўзорны. Вершаваныя пераклады Алега Мінкіна – асобная радасьць:

"Жывёлаў Ферма! Родная гаспода!
Ніколі не ўчыню табе я шкоды!"

Запрашаю на сустрэчу з прыўкрасным!

https://youtu.be/SM-ocjfNWTg?si=BxKNNGTIMd01tw6d
Сябры, перад самай Ноччу Вальпургіі пагаворым пра ведзьмароў, чарадзеек і магічны сьвет культавага Анджэя Сапкоўскага з галоўным польскім ведзьмаразнаўцам (доктар Адам Флама, аўтар кнігі “Вядзьмар: гісторыя фэномэну”). І, спадзяюся, годна прэзэнтуем новы беларускі пераклад чарговага тому Сагі, што выйшаў у Выдавецтве Янушкевіча. Падпісвайцеся на падзею – і далучайцеся!

https://fb.me/e/1Rciv5agy
Шчодры для беларускай паэзіі дзень! Віншую з народзінамі цудоўных Валянціну Аксак, Антаніну Хатэнку і Віталя Рыжкова! А нас усіх, з тым, што можам іх чытаць і слухаць!
Мне даўно хацелася запісаць выпуск пра Міхася Стральцова - і нарэшце запісаў. Апавядаю пра "Сена на асфальце" і "Смаленьне вепрука", пра эсэ "Загадка Багдановіча", чытаю і трохі разьбіраю любімыя вершы. Запрашаю глядзець-слухаць-чытаць!

“Мне даўно хацелася напісаць адно апавяданне і назваць яго так: «Смаленне вепрука». Цяпер я ведаю, што, бадай, не напішу: баюся, каб тое, пра што хацеў напісаць, не прыцішылася няўзнак, а то і не згубілася там, у здзейсненай пісаніне, а яно ж мне самае важнае. Дык навошта ж тады згадваю і навошта пішу? Мне проста падумалася, што, можа, усё ж абзавецца на астачу нейкай логікай тое, што тут раскажу. Паглядзім”. (Міхась Стральцоў)

https://youtu.be/nCRFmtwBg3A?si=bf4NUuOZ93bINdRF
Хрыстос уваскрос!
Усіх, хто сьвяткуе, зь Вялікаднем!

Хрыстос прызямліўся ў Берасьці,
на самай мяжы эРБэ.
Расьце трава – і табе расьці,
і цуды рабіць – табе.

Хрыстос прызямліўся ў Горадні,
ня кажучы аб Гародні,
і ўсе жывыя – зь яго радні,
а мёртвы – яшчэ несьмяротней.

Хрыстос прызямліўся ў Смаргоні,
Нясьвіжы й Старых Дарогах,
і бэз – прадвесьнік ягоны,
і глог – у яго прароках.

Хрыстос прызямліўся ў Зэльве,
у Слоніме і Залесьсі –
і ксёндз запільвае сэлфі,
і бацюшка ў кадр залезе.

Хрыстос прызямліўся ў Гомелі,
у Ракаве ды Івянцы –
і ўсё, што людзі багомілі,
зьлятае, як дзьмухаўцы.

І, верачы праўдзе й байкам,
нібы пілот з карабля,
глядзіш, як сьвяточным яйкам
па небе плыве зямля.

Вялікдзень 2019
Сусьветны вопыт нам прысуд:
Прыходзіць крэс дзяржавы
Не ад таго, што шмат пакут
Ці ўладца неласкавы.

Загіне з ганьбай і жудой,
Бо стане ўсім чужая,
Таму што больш дзяржавы той
Ніхто не паважае.

Сёньняшні выпуск - ня толькі аповед, але і міні-канцэрт. Да стагодзьдзя Акуджавы апавядаю пра яго антываенныя вершы і песьні. Трошкі - пра яго аўтабіяграфічную аповесьць "Будзь здароў, шкаляр!" Расказваю пра беларускіх перакладчыкаў знакамітага барда. І сьвяваю некалькі песень у сваіх вэрсіях. Запрашаю!

https://youtu.be/LI7iXlsYiu4?si=nymgxKSTizxlL8Sh
З днём народзінаў і 100гадовым юбілеем Булата Акуджавы!

СТАРАЯ САЛДАЦКАЯ ПЕСЬНЯ

Адшумелі песьні нашага палка,
Сьціхлі капыты ў дарожным пыле.
Кулямі прабілі донца кацялка,
Маркітантку юную забілі.

З нашых засталіся — мы і брат наш, боль.
Нас — нямшмат і ворагаў — нямнога.
Мы жывыя покуль, франтавая голь,
А загінем — райская дарога.

Сэрцы ў паняверцы, пальцы на курку,
А душою ўжо ляцім увысь мы.
Для чаго крывёю пішам на пяску?
Сьвету без патрэбы нашы пісьмы.

У магіле брацкай вечнае жытло
З хвояй вартавою ў вечным плачы:
Больш ня чуюць болю і ў душы — сьвятло,
І нароспаш вочы па-дзіцячы.

Сьпіце сабе, хлопцы, звяжуцца канцы —
Новыя сталеюць афіцэры,
Хутка атрымаюць новыя байцы
Вечныя казённыя кватэры.

Сьпіце сабе, хлопцы, зьвяжацца наноў,
Што павінна ў сьвеце паўтарыцца, —
Словы і набоі, і любоў, і кроў.
Часу зноў ня хопіць памірыцца.

---

Мае пераклады класіка можна пачытаць на "Будзьме", спасылка ў камэнтары.
Апавядаю пра геніяльнага Мойшэ Кульбака і яго Беларусь. Пра менскі раман "Зэлмэняне" ў цудоўным новым перакладзе Сяргея Шупы. І трошачкі пра паэму "Райсн". Чытаю фрагмэнты перакладаў, бо ёсьць што паказваць. Прыходзьце глядзець-слухаць!

https://youtu.be/zPwnsvrv8MU?si=ZpPWbYeUxCYEySge
Дзесяць год таму сышоў Зьміцер Сідаровіч.

Памяці

“Мочыць вусы пена цёмнага піва…”

навальнічны травень патанае ў леце
прарастаюць кветкі стужкі і вянкі
завісае памяць на тваім куплеце
тапалёвым пухам падаюць радкі

я далей катую памяць-самабранку
і яна такі мне вобраз выдае
ля ўнівэрсытэту проста каля ганку
барадаты рыцар уначы пяе

хтось адной далоняй з пляшкі выбіў корак
ты сьпяваў гадзіну а магчыма й тры
панабегла зорак чалавек пад сорак
і прыблізна столькі ж слухала ўгары

памачалі ў піве песеньку на кухні
я казаў паправіць ты казаў: пасьля
ападае пена ў недапітым кухлі
тапалёвым пухам падае зямля
▶️ Што выдаліла цэнзура і куды знікла другая рэдакцыя паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка"?

Новы выпуск на канале CHADANOVIČ

Мы, беларусы, любім Якуба Коласа, таму пагаворым сёння без цэнзуры пра нашага класіка і ягоную паэму “Сымон-музыка“.

Сёння расказваем:
- чаму ў помніка Сымону-музыку ў пальцах няма смыка;
- Што сталася з другой з трох рэдакцый паэмы;
- гісторыя стварэння твора і прычым тут Валадарка і эпас "Калевала";
- чаму паэму можна лічыць духоўнай аўтабіяграфіяй Коласа;
- як у паэта ў разлуцы з радзімай сфармаваўся сістэмны беларускі патрыятызм;
- што ў творы Коласа пацярпела ад цэнзарскіх нажніц;
- як да 100-годдзя першага выдання паэмы паўставала кніга “Сымон-музыка. Без цэнзуры“;
- два фіналы твора: якая версія стала найбольш актуальнай з цягам часу;
- коласаўскія персанажы ў сучаснай беларускай культуры: ад Рыжкова да Башлыкевіча.

🗯 Вось некалькі думак з відэа:

💡 Што пацярпела ад цэнзарскіх нажніц найперш? Пацярпела сфера рэлігійная. 65 мясцінаў, дзе згадваецца Бог, анёлы і іншыя рэлігійныя матэрыі, бязлітасна пайшлі пад нож. Другі напрамак цэнзурных правак звязаны з прысутнасцю ў ранняй версіі “Сымона-музыкі“ агрэсіўнай Расіі, якая нясе пагрозу, Расіі, якая разам з Польшчай падзяліла Беларусь напалам. Так, што сам Колас застаўся ў Менску, а ягоная маці – у Стоўбцах, з іншага боку мяжы. Калі ў трэцяй частцы паэмы Колас стварае свой галоўны лірычны водступ, які ператвараецца ў гімн Беларусі, беларусам, дзе ёсць усё: замілаванасць родным краем і яго прыродай, надзея на тое, што ўдасца зрабіцца не аб'ектам, а суб'ектам гісторыі, найбольш балючыя месцы, безумоўна, звязаныя з агрэсіяй суседзяў, і гэтаму не было шанцаў прайсці цэнзуру.

💡 Коласу вельмі істотна, каб гэтае "антыпапоўскае" і "антыксяндзоўскае" не пераблыталі з ваяўнічым атэізмам, не зрабілі з гэтага выснову пра нявер'е. Магчыма, Якуб Колас, які яшчэ ў турме, па згадках сына, добра навучыўся трымаць язык за зубамі, віртуозна карыстаўся эзопавай мовай, прапісвае тут усходні і заходні палітычны вектар. Там не столькі канкрэтныя папы і ксяндзы вінаватыя, а хутчэй такія з'явы, як русіфікацыя і паланізацыя – імперскія агрэсіі вялікіх краінаў-суседзяў. Колас сапраўды не робіць розніцы паміж Захадам і Усходам – хвостка раздае маральныя аплявухі і направа, і налева.

💡 Сымон-музыка – гэта сам Колас, а ягоная любая Ганна сімвалізуе маладую Беларусь, якая адраджаецца на світанку магчымага свабоднага жыцця. Галоўны антыгерой паэмы – Дамянік, які змагаецца за сэрца Ганны, а потым спрабуе яе згвалціць. Ганна цудам выратоўваецца, але адбываецца псіхалагічны надлом, і дзяўчына вар'яцее. Крытык Антон Адамовіч, прыслухоўваючыся да гучання імені “Дамянік“, чуе ў ім іншае слова – “Бальшавік“. Калі расшыфроўваць алегорыю такім чынам, гвалт адбываецца з боку савецкай улады, а Беларусь пасля надзеяў часу БНР 1918 года перажывае балючае расчараванне ў гэтых надзеях.

❤️ Чытаем творы Якуба Коласа, натхняемся мудрасцю і аптымізмам класіка, а таксама глядзім новы выпуск Андрэя Хадановіча. З вас падабайка, камент, шэр і падпіска:
➡️ https://youtu.be/nuFGk8thoS4
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
Дарагія венцы, венскія беларусы і ўсе, хто мае натхненьне слухаць па-беларуску! 23га траўня запрашаю сустрэцца. Буду чытаць для вас вершы і пераклады, сьпяваць песьні, прэзэнтаваць кнігу "На беразе Волі". Прыходзьце пабачыцца, абняцца, падачыняцца!

Пачатак а 18.00, адрас і ўсе дэталі па спасылцы: https://www.facebook.com/share/Z3QQ93hukP3qe9Fz/
Цыкл анлайн-сустрэчаў "Санаторый пад клепсідрай" працягваецца. 28-га траўня пагаворым пра Чэслава Мілаша з, мабыць, галоўным на сёньня яго польскім дасьледчыкам, літаратуразнаўцам Анджэем Франашкам, аўтарам тысячастаронкавага тому "Мілаш. Біяграфія", які, дарэчы, выходзіў і ў беларускім перакладзе. Пагутарым пра ваенную паэзію будучага набэліста, пра яго знакамітую - і зноў вельмі актуальную - кнігу "Выратаваньне". І, вядома ж, пачытаем вершы яе аўтара, у арыгінале і па-беларуску.

https://www.facebook.com/share/bvvhh64P5eWierrS/
Сёлета на Варшаўскім кніжным кірмашы мяне, на жаль, фізічна ня будзе, але кніжкі ёсьць. І мае, і шмат розных беларускіх выданьняў на ўсе густы, не прамінайце!

Да 26 траўня працуе стэнд незалежных беларускіх выдаўцоў. Палац Культуры і Навукі (стэнд 138 у Sali Marmurowej).
Дарагую Насту Кудасаву - з народзінамі і юбілеем! І ўсіх нас, яе чытачоў!

***
“Што ты б’ешся як рыба аб лёд, мой даверлівы Ёве?
Я ж усё тут здрабніў, абязглуздзіў, абезгаловіў.
Я адняў у іх розум, я душы ім страхам знявечыў,
а ты пішаш і пішаш, дзівак, пра святло чалавечае…
Я паслаў табе роспач і немач, я дом твой спустошыў,
а ты цягнеш упарта за ўсіх недарэчную ношу…
Я зрабіў тут усё, каб табе было прыкра і гадка!
Што ж ты борацца лезеш, бадлівае аленянятка?
Вось бяспраўе табе, вось знявага, вось допыт, вось арышт,
а ты ззяеш і ззяеш, няўрымслівы, марыш і марыш…
У дрыгве непрабуднай наўрад ці прыдатныя Ноі,
так што хопіць на ўсіх будаваць, не смяшы, кінь дурное!”
“Не палохай і не выпрабоўвай, хітрушчы мой Божа!
Гэта ж Ты мне заўсёды казаў, што жыццё пераможа.
Гэта Ты – мая купіна ў багне, мой ягель, мой Ягве!
І таму я працягваю верыць,
я – працягваю”.

Наста Кудасава
Сёньня дзень памяці геніяльнага Максіма Багдановіча. Так склалася, што ня ўсе яго вершы напісаныя па-беларуску. Што дае магчымасьць сучасным паэтам перакладаць любімага аўтара. )

ЗЯЛЁНАЕ КАХАНЬНЕ

Гудзе ўся вуліца, калі
Сьмяюцца гімназісткі, вольныя.
Ім вецер гойдае брылі,
І рвуцца з тэчак ноты школьныя.

Не пераймаюцца яны,
Ці іх завуць “яшчэ зялёнымі”.
Як матылькі, лятуць у сны,
Што хутка зробяцца бяссоннымі.

Вось, нібы чапля, сьлед у сьлед
За жартаўніцаю прывабнаю,
Цыбаты і прамы кадэт
Сьпяшаецца хадой нязграбнаю.

Няхай наводмаш вецер б’е
І ходнік замяло парошаю, –
Яго багіня празь яе
Ступае новенькай галёшаю.

Ён крочыць па яе сьлядах,
Ад хваляваньня ледзьве дыхае.
А сэрца б’ецца, нібы птах,
Бо ў ім гарыць надзея ціхая.

1916


Арыгінал тут: https://ru.wikisource.org/wiki/%D0%97%D0%B5%D0%BB%D1%91%D0%BD%D0%B0%D1%8F_%D0%BB%D1%8E%D0%B1%D0%BE%D0%B2%D1%8C_(%D0%91%D0%BE%D0%B3%D0%B4%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87)
27 траўня 2009 года выйшаў першы нумар часопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет" 🎉

Пераклады – гэта масты паміж народамі і культурамі, гэта спробы паказаць правільны шлях і папярэдзіць пра магчымыя памылкі, гэта інвестыцыя ў развіццё свайго культурнага свету, а часам і вяртанне сваёй літаратурнай прасторы. Дзякуй часопісу "ПрайдзіСвет" за 15 гадоў працы на карысць беларускай культуры.

Трымайце падборку беларускіх перакладаў у часопісе "ПрайдзіСвет" ад Андрэя Хадановіча:

1️⃣ Вершы Сяргія Жадана – https://prajdzisvet.org/kit/66-tsikhaja-bytstsam-vada-sonnaja-niby-arteryja.html

2️⃣ Вершы Мойшэ Кульбака – https://prajdzisvet.org/texts/kits/yaurejskiya-slovyi.html

3️⃣ Фрашкі Станіслава Ежы Леца – http://prajdzisvet.org/texts/kits/frashkazbor.html

4️⃣ Вершы Гіёма Апалінэра – https://prajdzisvet.org/kit/20-my-razvitalisia-z-tselaj-epokhaj.html
У новым выпуску - пра літоўскую літаратуру па-беларуску. Чаму гэтым варта цікавіцца і што канкрэтна варта пачытаць. Пра пераклады Алеся Разанава, якія ўжо - нятленка. Пра зусім нядаўнія выданьні - "Белы саван" Шкемы і "Туўлу" Кунчынаса ў перакладах Сяргея Шупы. Пра "Віленскі покер" Гавяліса (дзякуй, Паўліна Вітушчанка!). І пра кнігу вершаў Томаса Венцлавы, пару зь якіх чытаю ў сваіх перакладах:

Ня веру ў беды, верачы сябрам!
Бо ў памяці і ўяўнае магчыма –
Падзелены на ўсіх няісны храм,
Адлегласьць паміж сьветам і вачыма.
Хай зранку ўсё растане й праміне
І сонца іх сьляды зь люстэрка змые,
Ды крокі іх сыходзяцца ўва мне,
Нібыта паралельныя прамыя.

Запрашаю!

https://youtu.be/CZz9KNhzaHo?si=CqigU8A6SHOJ-1oY
"Чым ёсьць паэзія, што не ратуе
Людзей, не ратуе народы?
Формай службовай хлусьні,
Гарланьнем пітушчае глоткі, якую вось-вось перарэжуць..."

Ужо сёньня паразмаўляю анлайн пра паэта-набэліста Чэслава Мілаша зь яго выдатным знаўцам Анджэем Франашкам. Разам паразважаем пра кнігу "Выратаваньне". Пачытаем у арыгінале і па-беларуску яго самыя славутыя ваенныя вершы. Далучайцеся!

17.00 беларускага часу,
Прастора польскай культуры.

https://www.facebook.com/100076289620852/posts/pfbid0Y5mW5MjFjhU1rhUCuopVkfzShPUhh2CbCgpnVmwLQwXrJSnHaEB1MDL2sigqpLi7l/?app=fbl
Samsung HW-B650: A Powerful Soundbar for an Immersive Audio Experience